ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКАЯ РА́ДА,

Беларускі вучыцельскі саюз Гродзеншчыны, прафесійна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў. Дзейнічала ў Гродне ў ліп. 1919 — крас. 1920 ва ўмовах польск. акупацыі. Узначальвалі І.Антонаў, са жн. 1919 — Л.Дзекуць-Малей. Выступала за беларусізацыю нар. асветы, арганізацыю бел. школьніцтва ў Гродзенскай губ., паліт. і сац. абарону бел. настаўніцтва; супраць абмежавання польск. ўладамі бел. асветы і паланізацыі бел. школ. Накіроўвала на вучобу на бел. настаўніцкія курсы ў Вільню настаўнікаў Гродзеншчыны. Яе намаганнямі ў 1919 1-я бел. пач. школа ў Гродне пераўтворана ў прагімназію. Падтрымлівала сувязь з Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Цэнтр. бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, мясц. Грамадой беларускай моладзі ў Гродне, з інш. бел. настаўніцкімі саюзамі. Паўнамоцтвы перадала Беларускай школьнай радзе ў Гродне.

У.В.Ляхоўскі.

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)